Адбыўся круглы стол “Магілёў і магілёўцы ў Першай сусветнай вайне”

пн, 23/10/2017

17 кастрычніка 2017 г. ва ўніверсітэце адбыўся круглы стол “Магілёў і магілёўцы ў Першай сусветнай вайне”, які быў арганізаваны кафедрай гуманітарных дысцыплін разам з РГА “Беларускае добраахвотнае таварыства аховы помнікаў гісторыі і культуры”.

У пачатку выступіў першы прарэктар Магілёўскага дзяржаўнага ўніверсітэта харчавання А.С. Носікаў, які ў сваім прывітальным слове адзначыў актуальнасць і значэнне гістарычных ведаў, а таксама распавёў пра ўдзел у Першай сусветнай вайне сваіх дзядоў з боку бацькі і маці.

Вядучы – дацэнт, к.г.н. І.А. Пушкін, раскрыў прычыны і вынікі Першай сусветнай вайны. Дацэнт кафедры гуманітарных дысцыплін Магілёўскага дзяржаўнага ўніверсітэта харчавання к.г.н. А.П. Косцераў асвятліў ролю і значэнне 1917 года ў гісторыі Беларусі. Яго выступ выклікаў шматлікія пытанні і дыскусію сярод удзельнікаў круглага стала. Змястоўным было выступленне загадчыцы кафедры археалогіі і спецыяльных гістарычных дысцыплін Магілёўскага дзяржаўнага ўніверсітэта імя А. А. Куляшова к.г.н. М.І. Мацюшэўскай. Выклікаў зацікаўленасць даклад старшыні РГА “Беларускае добраахвотнае таварыства аховы помнікаў гісторыі і культуры” А.У. Астаповіча (Мінск) на тэму “Уплыў Першай сусветнай вайны на развіццё і градабудаўніцтва Беларусі”. Дацэнт кафедры археалогіі і спецыяльных гістарычных дысцыплін Магілёўскага дзяржаўнага ўніверсітэта імя А. А. Куляшова к.г.н. А.Р. Агееў распавёў пра фарміраванне і дзейнасць Магілёўскага Беларускага Камітэта  ў 1917–1918 гг. Студэнт першага курса механічнага факультэта Магілёўскага дзяржаўнага ўніверсітэта харчавання Д.І. Батурэвіч пазнаёміў прысутных з жыццёвым лёсам свайго прапрадзеда, які ўдзельнічаў у Першай сусветнай вайне і за сваю мужнасць стаў тройчы Георгіеўскім кавалерам. Л.А. Сугака, к.г.н., дацэнт кафедры гісторыі Беларусі і ўсходніх славян Магілёўскага дзяржаўнага ўніверсітэта імя А. А. Куляшова, раскрыў перыяд знаходжання ў Магілёве Стаўкі Вярхоўнага галоўнакамандавання Расійскай імперыі пад час Першай сусветнай вайны. Ф.А. Свінціцкі, старшы выкладчык кафедры гуманітарных дысцыплін Магілёўскага дзяржаўнага ўніверсітэта харчавання, распавёў пра жыццё і дзейнасць героя Першай сусветнай вайны генерала А.А. Брусілава. Намеснік дырэктара ААТ “Тэхнамузей” С.І. Бяспанскі (Мінск) падзяліўся ўласным досведам пашуковай працы. В.В. Юдзін, старшы выкладчык кафедры гуманітарных дысцыплін, пазнаёміў з вынікамі сацыялагічнага апытвання “1917 год в оценках современных студентов”.

Прагучалі прапановы пазначыць на памятным знаку Стаўцы на плошчы Славы ў Магілёве прозвішчы ўсіх Вярхоўных галоўнакамандуючых у 1915–1918 гг. і ўсталяваць памятны знак у Магілёве на месцы пахавання ўдзельнікаў Першай сусветнай вайны.

У круглым стале таксама прынялі ўдзел загадчык кафедры д.сац.н., прафесар Ю.М. Бубнаў, шэраг выкладчыкаў і студэнтаў эканамічнага і механічнага факультэтаў Магілёўскага дзяржаўнага ўніверсітэта харчавання.

Яндекс.Метрика