Сёння ў свеце налічваецца больш за шэсць тысяч моў. Палова з іх знаходзіцца пад пагрозай знікнення. Менавіта дзеля іх захавання, у 1999 годзе рашэннем ЮНЕСКА 21 лютага быў абвешчаны Міжнародным днём роднай мовы. Гэта свята – нагода яшчэ раз задумацца аб лёсе той, адзінай, якую мы завём матчынай, на якой думаем, на якой вымавілі першае слова і на якой размаўлялі нашы продкі. Будзем жа разам з тымі, хто думае пра яе будучыню. А дзеля пачатку дастаткова зусім мала – проста паспрабаваць адзіны дзень у год, 21 лютага, з калегамі, сябрамі, роднымі, размаўляць па-беларуску. У дапамогу прапануем кніжную выставу «Мова – люстэрка жыцця чалавека», якая зроблена на абанеменце малодшых курсаў (ауд. 106а), на якой прадстаўлены кнігі: «Беларуская мова», «Сучасная беларуская літаратурная мова», «Культура беларускай мовы», «Мова родная – беларуская».
Выстава дзейнічае да канца лютага.