Гісторыя Магілёва: мінулае і сучаснасць

пт, 21/06/2019

 

20–21 чэрвеня 2019 года ў Магілёўскай ратушы адбылася ХІ Міжнародная навуковая канферэнцыя “Гісторыя Магілёва: мінулае і сучаснасць”, якая была прысвечана 75-годдзю вызвалення Магілёва ад гітлераўскіх захопнікаў і арганізавана Магiлёўскiм гарадскiм выканаўчым камітэтам, Упраўленнем культуры Магiлёўскага гарвыканкама, ўстановай культуры «Музей гiсторыi Магiлёва». У канферэнцыі бралі ўдзел навукоўцы з Беларусі, Ізраіля, Польшчы, Расіі і Украіны.

 

На ўрачыстым адкрыцці 20.06.2019 г. выступілі: намеснік старшыні Магілёўскага гарвыканкама А. А. Галушка, доктар гістарычных навук, прафесар, рэктар МДУ імя А. А. Куляшова Д. У. Дук, кандыдат гістарычных навук, дацэнт кафедры гуманітарных дысцыплін Магілёўскага дзяржаўнага ўніверсітэта харчавання І. А. Пушкін; на пленарным пасяджэнні даследчыкі з Беларусі, Польшчы і Расіі.

Традыцыйна да падрыхтоўкі і правядзення канферэнцыі спрычынілася кафедра гуманітарных дысцыплін Магілёўскага дзяржаўнага ўніверсітэта харчавання. Варта нагадаць, што тры канферэнцыі наогул адбыліся на яго базе. У гэтым годзе ў склад аргкамітэта канферэнцыі ўвайшлі – доктар сацыялагічных навук, прафесар, загадчык кафедры гуманітарных дысцыплін Ю. М. Бубнаў і дацэнт кафедры І. А. Пушкін.

Зборнік навуковых артыкулаў удзельнікаў канферэнцыі быў выдадзены да яе пачатку ў выдавецтве Магілёўскага дзяржаўнага ўніверсітэта харчавання : “Гісторыя Магілёва: мінулае і сучаснасць : зборнік навуковых артыкулаў удзельнікаў ХІ Міжнар. навук. канф., 20–21 чэрвеня 2019 г., г. Магілёў / уклад. А. М. Бацюкоў, І. А. Пушкін. – Магілёў: МДУХ, 2019. – 457 с.” Яго змест склалі 76 навуковых публікацый на сацыяльна-эканамічную, грамадска-палітычную і культурна-асветную тэматыку з жыцця Магілёва ад старажытнасці да сучаснасці. Укладальнікамі зборніка з’яўляюцца дацэнт І. А. Пушкін і дырэктар Музея гісторыі Магілёва А. М. Бацюкоў. Навуковыя рэцэнзенты: загадчык кафедры ўсеагульнай гісторыі МДУ імя А. А. Куляшова доктар гістарычных навук, прафесар Я. Р. Рыер, вядучы навуковы супрацоўнік аддзела навейшай гісторыі Беларусі Інстытута гісторыі НАН Беларусі кандыдат гістарычных навук, дацэнт В. Г. Мазец.

За ўсю гісторыю правядзення канферэнцыі было апублікавана звыш 716 артыкулаў даследчыкаў з розных гарадоў Беларусі, Балгарыі, Германіі, ЗША, Ізраіля, Латвіі, Літвы, Расіі, Сербіі, Польшчы, Украіны і Швецыі, аб’яднаныя ў 12 шматстаронкавых зборнікаў, якія разам з летапісамі і хронікамі, кнігамі пра наш горад складаюць скарбніцу Магілёвазнаўства.

Сёлета ўніверсітэт харчавання быў прадстаўлены публікацыямі выкладчыкаў кафедры гуманітарных дысцыплін: В. В. Юдзіна “Истории стипендий Могилевской гимназии второй половины 60-х гг. XIX века”, Ю. М. Бубнава “Социальная база коммунального самоуправления в Могилеве”, І. А. Пушкіна “Урбанізацыя і кадравы патэнцыял прамысловасці Магілёва ў 1970–1990 гг.”, сумеснай працай прафесара з Расіі А. А. Маслака і Ю. М. Бубнава “Сравнительный анализ самооценки креативности студентов Могилевского государственного университета продовольствия”, а таксама артыкуламі былых супрацоўнікаў кафедры А. П. Косцерава “Архивный документ – основа научного исследования обороны Могилева” і Ф. А. Свінціцкага “Участие инженерных частей в освобождении Могилева”.

На канферэнцыі было адзначана, што за два гады, што прайшлі з моманту папярэдняй канферэнцыі, ў горадзе адбыліся значныя змены і падзеі. Змяніўся архітэктурна-планіровачны твар Магілёва ў ключавых элементах гарадской структуры. Гарадскія ўлады з дапамогаю фундатараў і магілёўцаў пабудавалі Трыумфальную арку на ўездзе ў горад з боку сталіцы Мінска (Магілёў, маючы такую арку, першым з абласных цэнтраў нашай краіны далучыўся да Парыжа, Берліна, Мюнхена і Санкт-Пецярбурга, дзе існуюць падобныя) і лесвіцу з каскадным фантанам на спуску ў парк Падніколле, з’явіўся новы грандыёзны гандлёвы цэнтр з гасцініцай на месцы былога “Дома быту”.

За гэты час адбылося істотнае і якаснае папаўненне асноўных фондаў Музея гісторыі Магілёва. У першую чаргу неабходна адзначыць набыццё музеем арыгінальнага выдання кнігі “Апостал”, выдадзенай магілёўскім друкаром Спірыдонам Собалем у 1632 г. у Куцеінскім, альбо, магчыма, у Буйніцкім манастыры. Асаблівае значэнне гэтаму здабытку надае той факт, што гэта першы экзэмпляр з багатай творчай спадчыны суайчынніка, які вярнуўся на радзіму славутага друкара за доўгія дзесяцігоддзі. Таксама музей стаў уласнікам невядомага дагэтуль выдання – кнігі “Часоўнік”, надрукаванай у Магілёўскай брацкай друкарні ў 1750-я гг. Адбылося папаўненне калекцый нумізматыкі, археалогіі, побыту і этнаграфіі, што дазволіла ўдасканаліць экспазіцыю музея, дадаўшы ў яе: унікальны роспіс знешняга аздаблення дома прадстаўніка магілёўскага патрыцыята XVII ст., знойдзены на Падніколлі (перададзены археолагам, членам-карэспандэнтам НАНБ І. А. Марзалюком); элегантныя сасуды для віна (паводле вуснай памяці, у пачатку ХХ ст. яны належылі ад’ютантам, што жылі пры Стаўцы Вярхоўнага галоўнакамандуючага Расійскай арміі падчас Першай сусветнай вайны ў Магілёве); калекцыю срэбраных манет XVII ст., а таксама адну з першых манет ВКЛ – дэнарый Ягайлы.

За мінулыя два гады ў нашым горадзе адбыўся шэраг грамадскіх і культурніцкіх падзей, якія, застануцца ў гісторыі Магілёва. Да іх варта аднесці святкаванні 300-годдзя з дня нараджэння Георгія Каніскага і 100-годдзе з пачатку дзейнасці Магілёўскага гарадскога савета дэпутатаў, горад пабыў маладзёвай сталіцай Беларусі. У ім з’явіліся памятная дошка ў гонар вучонага-краязнаўцы П. Лярскага, а таксама памятныя знакі “Магілёўскі замак” (парк М. Горкага) і прысвечаны знаходжанню ў Магілёве Стаўкі пад час Першай сусветнай вайны (плошча Славы). Пабачылі свет альбом “Горад, які быў” (Магілёў: АмеліяПрынт, 2018), манаграфія А. Р. Агеева і І. А. Пушкіна пра Магілёўскі Беларускі Камітэт (Магілёў: МДУ імя А. А. Куляшова, 2017) і кніга А. Лісоўскага аб успамінах падарожнікаў пра Магілёў (Гомель: Барк, 2017). Магілёўскія медыкі ўпершыню зрабілі перасадку ныркі, работнікі харчавання парадвалі магілёўцаў і гасцей горада першым беларускім марозівам чорнага колеру, будаўнікі завяршылі доўгачаканае будаўніцтва корпуса Беларуска-Расійскага ўніверсітэта, адбылося адкрыццё пасля пяцігадовай рэканструкцыі музея В. К. Бялініцкага-Бірулі. У магілёўскім касцёле Успення Маці Божай і Святога Станіслава ўпершыню за 60 год загучаў электра-пнеўматычны арган, ён з’явіўся замесц электрычнага, які амаль трыццаць год замяняў арган знішчаны савецкаю ўладаю. Былі рэалізаваны грамадскія праекты “Вершы на сценах” і стварэнне “лесвіцы-вышыванкі”. Актыўна ўключыўся ў мастацкі і творчы працэс калектыў музея гісторыі Магілёва, узяўшы на сябе функцыі арганізатара Міжнароднага арт-праекта “Магілёў вачыма гасцей”, а таксама ажыццявіўшы мастацкія роспісы на гістарычную тэматыку на розных будынках горада – на будынку музея па вул. Ленінскай, 5а (роспіс “Магілёўскія майстры”, аўтар Р. Шараеў) і на будынку музея этнаграфіі па вул. Першамайскай (роспіс “Гараджане”, аўтар В. Юркова). Вялікую цікавасць у гараджан выклікалі выставы музея, і ў першую чаргу – серыя “Невядомы Магілёў”.

Безумоўна, не ўсё яшчэ зроблена. Па-ранейшаму клопат у грамадскасці выклікае стан гістарычных будынкаў, асабліва па вуліцы Лазарэнкі (былая Віленская). Пакуль не замацаваўся ў свядомасці магілёўцаў і ў навуцы ўдакладнёны час узнікнення Магілёва – пачатак ХІ ст., варта казаць аб тысячагадовай гісторыі нашага горада. Гэтыя і іншыя прапановы і рэкамендацыі ўдзельнікаў канферэнцыі, выказаныя ў публікацыях і выступах, з’яўляюцца штуршком для ўладаў і магілёўцаў у справе вывучэння і захавання здабыткаў продкаў.

 

Яндекс.Метрика